Установа культуры «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава»

Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава заснаваны ў 1867 г. У 2005 г. музею нададзена імя вядомага беларускага этнографа. Сучасныя экспазіцыі музея створаны ў 1990 — 1997 гг. Асноўны фонд музея на 01.01.2012 г. налічваў 130147 адзінак захоўвання. Сярод экспанатаў — берасцяная грамата XIII ст., калекцыі зброі XIV — XIX стст., нумізматыкі, кніг Магілёўскай друкарні, абразоў XVII — XVIII стст. У музеі дзейнічаюць 4 экспазіцыі, размешчаныя ў 18 залах. Экспазіцыя «Прырода краю» прысвечана прыродзе ўсходняй часткі Беларусі. Экспазіцыя «Археалогія і старажытная гісторыя» паказвае помнікі розных эпох ад палеаліту да сярэднявечча. У экспазіцыі «Гісторыя дасавецкага часу» ў храналагічнай паслядоўнасці з IX ст. па 1917 год паказаны асноўныя гістарычныя перыяды жыцця насельніцтва Падняпроўя. Экспазіцыя «Гісторыя савецкага перыяду 1917 — 1945 гг.» прадстаўляе дакументы, фотаматэрыялы, зброю, узнагароды, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны.

Рэгулярна праводзяцца навуковыя археалагічныя і этнаграфічныя экспедыцыі, вядзецца даследчая работа па вывучэнні гісторыі рэгіёна, наладжваюцца навукова-практычныя канферэнцыі, па выніках якіх выдадзена больш за 20 зборнікаў. Музей з'яўляецца метадычным і навукова-экспазіцыйным цэнтрам. Музей мае філіял — музей этнаграфіі з экспазіцыямі «Зямлі роднай кругавод» і «Магілёў губернскі».

Першы нацыянальны форум «Музеі Беларусі». Каталог музеяў. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, 2012.